ПРОЦІТА́НКАВЫ РАКЕ́ТНЫ КО́МПЛЕКС (ПТРК),

сукупнасць функцыянальна звязаных баявых і тэхн. сродкаў для паражэння браніраваных цэлей процітанкавымі кіроўнымі ракетамі; від процітанкавага ўзбраення. У ПТРК уваходзяць: пускавая ўстаноўка, ракеты, апаратура абслугоўвання і праверкі. Пускавая ўстаноўка складаецца з апаратуры прыцэльвання, фарміравання і перадачы каманд кіравання ракеце. Бываюць пераносныя, буксіравальныя, самаходныя (у т. л. на базе танкаў), верталётныя і інш.; паводле сістэмы кіравання — ручныя, паўаўтаматычныя, аўтаматычныя; паводле скорасці палёту ракет — дагукавыя, звышгукавыя. У пераносных ПТРК далёкасць пуску ракет 40 м — 3 км, у самаходных і верталётных — да 5 км.

Г.​М.​Грысенка, Р.​І.​Флярко.

Пераносны процітанкавы ракетны комплекс 9К 111 «Фагот» (СНД).

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)